Мята перцавая

РАСЛІНЫ 3 ЗАСПАКАЯЛЬНЫМ I АБЯЗБОЛЬВАЛЬНЫМ ДЗЕЯННЕМ

Мята перцавая
Сям’я Губакветныя

Мята перцавая

Батанічнае апісанне. Шматгадовая травяністая расліна вышынёй да 1 м, з галінастым гарызантальным карэнішчам. Сцябліны галінастыя, чатырохгранныя, чырванаватыя. Лісты супраціўныя, кароткачаранковыя, падоўжана-яйкападобныя, з краёў вострапілаватыя, з абодвух бакоў пакрытыя эфіраалейнымі залозкамі, зверху цёмна-зялёныя, знізу больш светлыя. Кветкі дробныя, у кальчаках, сабраныя на верхавінах парасткаў у коласападобнае суквецце ружовага колеру. Плод складаецца з 4 арэшкаў, якія знаходзяцца ў чашачцы. Усходжасць насення вельмі нізкая. Цвіце з чэрвеня да верасня.
Распаўсюджанне, сыравіна і нарыхтоўка. Мята перцавая ў звычайных прыродных умовах не расце. Яна культывуецца на плантацыях, у тым ліку і ў Беларусі.
3 лячэбнай мэтай выкарыстоўваюць суквецці і лісце. Збіраюць лісце да пачатку і ў перыяд цвіцення. Сушаць пад паветкай або ў памяшканнях, якія добра праветрываюцца.

Хімічны састаў.
Надземная частка мяты перцавай утрымлівае эфірны алей (да 2,8 % у лісці, 0,3 % у сцяблінах і 4,6 % у суквеццях). Асноўным кампанентам эфірнага алею з’яўляецца ментол. У састаў алею лісця ўваходзяць таксама дыпентэн, ментон, піне-ны, цынеёл, жасмон, пулегон, феландрэн і іншыя тэрпеноіды. Акрамя таго, у лісці ўтрымліваецца карацін, бетаін, флаваноіды, арганічныя кіслоты, дубільныя рэчывы і мікраэлементы.

Фармакалагічныя ўласцівасці і выкарыстанне.
Мята перцавая аказвае спазмалітычнае, супрацьзапаленчае, слабае антысептычнае, заспакаяльнае і жаўцягоннае дзеянне. Акрамя таго, рэфлекторна расшырае сасуды сэрца і галаўнога мозга, валодае дэзінфіцыйнымі і дэзадарантнымі ўласцівасцямі, узбуджае апетыт, павышае слінавыдзяленне і перыстальтыку кішэчніка.

Ужываецца ў выглядзе чаю як болесуцішальны сродак нры захворваннях страўніка, кішэчніка, печані і жоўцевага пузыра. У выглядзе настояў і настоек мята памяншае млоснасць, ірвоту, ікаўку і паляпшае работу страўнікава-кішачнага тракту. Ментол, які ўтрымлівае расліна, дапамагае пры насмарку, фарынгіце, ларынгіце, трахеіце і іншых захворваннях верхніх дыхальных шляхоў. Мятная вада выкарыстоўваецца ў мікстурах для паляпшэння смаку. Для ўзмацнення заспакаяльнага і болесуцішальнага ўздзеяння мята часта спалучаецца з валяр’янам, беладоннай і іншымі лекавымі раслінамі.

Ментол уваходзіць у састаў капель Зяленіна, валакарміду, проціастматычнай мікстуры Траскова, алімеціну, пектусіну, інгакамфу, валідолу, у каплі і мазі ад насмарку; у сумесі з парафінам выкарыстоўваецца ў выглядзе алоўкаў пры мігрэні і інш. Алей мяты пры ўжыванні ўнутр актывуе сакраторную дзейнасць эндакрынных залоз, паляпшае смак іншых лякарстваў, а таксама выкарыстоўваецца як асвяжальны і антысептычны сродак у саставе паласканняў, зубных парашкоў і паст.

Мята перцавая ўваходзіць у састаў ветрагонных (1, 2, 4), жаўцягонных (1, 3), страўнікавага (1), патагоннага (5) і заспакаяльных (1, 2) чаяў. Настоі мяты ўжываюцца таксама звонку ў выглядзе ваннаў і аплікацый пры нервовым узбуджэнні, скурным свербе, неўралгічных болях.

У нашых умовах мята перцавая выкарыстоўваецца пры захворваннях страўнікава-кішачнага тракту (гастрыты, язва дванаццаціперснай кішкі, гепатахалецыстыт, жоўцекамянёвая хвароба, хранічныя панкрэатыты, кішачныя колікі), гіпертанічнай хваробе, атэрасклерозе, ангіаспазмах, нырачнакаменнай хваробе. У выглядзе ваннаў і аплікацый прызначаем хворым, што пакутуюць ад расстройства нервовай сістэмы, пры бяссонніцы, неўралгічных болях, хранічных рынітах, гаймарытах, аднексітах. Свежы сок мяты перцавай прызначасм хворым на каліт і жанчынам з працяглымі і балючымі менструацыямі.

Мята шырока выкарыстоўваецца ў кулінарыі як прыправа да салаты, супоў, мясных і рыбных страў, для араматызацыі соусаў, напіткаў, чаяў, пры выпечцы хлеба, прыгатаванні квасу. Многія гаспадыні ў вёсцы кладуць лісце мяты ў малако, каб яно не пракісала.