ДУБІЛЬНЫЯ РЭЧЫВЫ (ТАНІДЫ)

Раслінныя дубільныя рэчывы ўяўляюць сабой складаны комплекс розных па хімічнай будове поліфенольных злучэнняў параўнальна вялікай малекулярнай вагі, які валодае ўласцівасцю незваротна звязваць бялкі ў водным асяроддзі.

Тэрмін «дубільныя рэчывы» быў упершыню выкарыстаны ў 1796 г. у Францыі з мэтай абазначэння прысутных у экстрактах раслін рэчываў, здольных ажыццяўляць працэс дублення. Звычайна для гэтага выкарыстоўвалі кару дубу, таму дадзены працэс апрацоўкі скуры быў названы дубленнем, а самі рэчывы— дубільнымі. Нягледзячы на тое што тэрмін «дубільныя рэчывы» тэхнічны і не адлюстроўвае хімічнай прыроды гэтай групы рэчываў, ён паранейшаму шырока выкарыстоўваецца ў навуковай і папулярнай літаратуры, а таксама ў практычных дапаможніках.

Яшчэ ў 1894 г. Проктэр падзяліў дубільныя рэчывы на пірагалавыя і піракатэхінавыя ў залежнасці ад прыроды нрадуктаў іх распаду без доступу паветра нры тэмнературы 180—200 °С. У далейшым Фрэйдэнберг прапанаваў надзяляць дубільныя рэчывы на гідралізуемыя і кандэнсаваныя. Малекулы гідралізуемых танідаў уяўляюць сабой эфіры фенолкарбонавых кіслот ці фенолкарбонавых кіслот і цукраў, а малекулы кандэнсаваных танідаў — непасрэдна самкнутыя флаваноідныя структуры, пераважна катэхінаў і лейкаантацыянідзінаў. У літаратуры сцвердзілася ўяўленне аб тоеснасці пірагалавых і гідралізуемых танідаў, з аднаго боку, і піракатэхінавых і кандэнсаваных танідаў — з другога.

Дубільныя рэчывы вельмі шырока распаўсюджаны ў раслінным свеце. Найбольш характэрныя яны для прадстаўнікоў гера-ніевых, вярбовых, ружакветных, струкавых, бярозавых, драсёнавых, міртавых, свінчаткавых і шэрагу іншых сем\’яў двухдольных і голанасенных. Для аднадольных тыповыя таніды амаль не характэрныя. У прадстаўнікоў трапічнай флоры таніданосныя віды сустракаюцца часцей, і ўзровень у іх танідаў значна вышэйшы. Сустракальнасць таніданосных раслін зніжаецца ад дрэў да аднагадовых траў. Намі паказана, што ў працэсе эвалюцыі раслін колькаснае ўтрыманне танідаў зніжаецца да іх поўнага выпадзення і гідралізуемыя кампаненты змяняюцца кандэнсаванымі; на практыцы гэта можа быць пакладзена ў аснову мэтанакіраванага пошуку гэтых фракцый танідаў. Аналагічная заканамернасць праяўляецца ў межах сістэмы роду вербаў. Больш высокаарганізаваныя секцыі і віды ў межах секцый адрозніваюцца меншым утрыманнем танідаў і перавагай кандэнсаванай фракцыі.

Лакалізуюцца таніды пераважна ў кары сцябла, кораня і карэнішча, а таксама ў лісці і абалонках пладоў. Утрыманне дубільных рэчываў, радзей іх састаў, схільныя да моцнай дынамікі ў залежнасці ад шэрагу экза- і эндагенных фактараў. Выявіць строгія заканамернасці ў зменлівасці танідаў практычна немагчыма. У першым выпадку адзначаецца максімум іх назапашання ў перыяд бутанізацыі, у другім — у фазе росту парасткаў, у трэцім — у асенне-зімні перыяд. Прычынай гэтага з\’яўляецца як разнастайнасць і несупастаўнасць метадаў даследавання, так і поліфункцыянальнасць састаўных кампанентаў танідаў. Што датычыць залежнасці паміж назапашаннем танідаў і ўмовамі месцазнаходжання, то можна сцвярджаць, што максімум утрымання танідаў пера-важна адзначаецца ў аптымальных умовах месцазнаходжання раслін.

Біялагічныя функцыі танідаў да канца не вывучаны. Найбольш дакладна вядома пра ахоўную ролю танідаў, што абумоўлена іх бактэрыцыднымі і фунгіцыднымі ўласцівасцямі. Гэтыя ўласціва-сці, а таксама характэрны для дубільных рэчываў вяжучы, антытаксічны і супрацьзаналенчы эфект абумовілі іх шырокае выкарыстанне пры захворваннях страўнікава-кішачнага тракту, атручэннях, для паласкання ротавай поласці, а таксама звонку пры апёках, раненнях, ранках (сіняках).

Сярод раслін, якія растуць на тэрыторыі Беларусі, высокае ўтрыманне танідаў адзначана ў кары вербаў, бярозы, дубу, вольхі, ляшчыны, лісці гераней, карэнішчах драсёну змяінага, дуброўкі прамастойнай, вятроўніку вязалістага, панікніц гарадской і рачной, крывасмоку лекавага, траве святаянніку, пладах чарніц, чаромхі, альховых шышках і інш.