ФЛАВАНОІДЫ

Флаваноіды ўяўляюць сабой фенольныя злучэнні, малекула якіх складаецца з двух араматычных кольцаў і прапанавага фрагмента. У залежнасці ад ступені акіслення апошняга флаваноіды падзяляюць на наступныя групы: катэхіны, лейкаантацыянідзіны, антацыянідзіны, флавоны, флаванолы, флаваноны, ізафлавоны, халконы і аўроны.

Флаваноіды сустракаюцца як у свабоднай, так і ў гліказідаванай форме. Распаўсюджаны ў раслінах надзвычай шырока, асабліва ў класе пакрытанасенных. Найбольш багатыя на флаваноіды прадстаўнікі сем\’яў складанакветных, струкавых, ружакветных, драсёнавых, губакветных, бярозавых, вярбовых і інш. Наяўнасцю флаваноідаў у большасці выпадкаў абумоўлена афарбоўка кветак і пладоў. Менавіта ў гэтых органах, а таксама ў лісці, радзей у каранях і сцяблінах лакалізуюцца флаваноіды.

Утрыманне і састаў флаваноідаў у раслінах моцна мяняецца ў залежнасці ад экалагічных умоў месцазнаходжання, узросту і фазы развіцця расліны, а таксама палавога дымарфізму. У большасці выпадкаў максімум назапашання флаваноідаў адзначаецца ў перыяд бутанізацыі і цвіцення.
Біялагічная функцыя флаваноідаў вельмі разнастайная. Ёсць некаторыя надставы сцвярджаць, што ім належыць адна з ключавых роляў у росце, развіцці і ахове раслін, гэта значыць у адаптацыі ці нрыстасаванні раслін да ўмоў навакольнага асяроддзя. Намі было паказана, што флаваноідныя злучэнні з\’явіліся сродкам самазахавання раслін ва ўмовах пахаладання, якое мела месца ў гісторыі развіцця Зямлі. Добра вядома, што флаваноідныя пігменты іграюць важную ролю ў апыленні кветак і ў рассейванні насення, бо сваёй афарбоўкай яны прывабліваюць птушак і насякомых.

Фармакалагічныя ўласцівасці флаваноідаў, як і іх біялагічныя функцыі, разнастайныя. Акрамя добра вядомай Р-вітаміннай актыўнасці, яны валодаюць супрацьзапаленчымі, антырадыкальны-мі, супрацьпухліннымі, антысклератычнымі, супрацьязвавымі і іншымі ўласцівасцямі. Пры гэтым фармакалагічная актыўнасць флаваноідных злучэнняў залежыць галоўным чынам ад колькаснага ўтрымання і месцазнаходжання гідраксільных груп. У сувязі з гэтым намі было вывучана эвалюцыйнае змяненне функцыянальнай гідраксільнай групы і паказана, што ў філагенезе пакрытанасенных раслін мае месца паступовае зніжэнне колькасці дадзенага фрагмента малекулы. Гэта дазваляе ажыццяўляць мэтанакіраваны пошук флаваноідных структур з пэўнай фармака-лагічнай актыўнасцю.

Заразу медыцынскай практыцы ў выглядзе чыстых прэпаратаў флаваноідныя злучэнні выкарыстоўваюцца нешырока. Больш вядомыя галенавыя і новагаленавыя прэпараты, што ўключаюць флаваноідныя злучэнні. У цэлым жа гэта даволі перспектыўны ў медыцынскіх адносінах клас злучэнняў. Да добра вядомых лекавых раслін, што ўтрымліваюць флаваноіды, належаць васілёк сіні, глог крывава-чырвоны, рабіна чарнаплодная, сардэчнік пяцілопасцевы, драсён (перцавы, звычайны, птушыны), цмен пясчаны, стальнік палявы і інш.