КУМАРЫНЫ

Кумарыны — гэта прыродныя кіслародазмяшчальныя гетэрацыклічныя злучэнні, у аснове малекулы якіх ляжыць кумарынавы шкілет, што ўяўляе сабой цыклаваную орта-оксікарычную кіслату.

Сустракаюцца кумарынавыя злучэнні пераважна ў свабодным выглядзе, хоць ёсць і гліказідаваныя формы. У раслінным свеце найбольшае распаўсюджанне атрымалі вытворныя кумарыну і фуракумарыны. У цэлым кумарыны распаўсюджаны вельмі шырока, аднак найбольш характэрныя для прадстаўнікоў сем\’яў парасонавых, струкавых і рутавых. Лакалізуюцца часцей за ўсё ў каранях, кары і пладах.
Роля кумарынаў для расліннага арганізма высветлена яшчэ недастаткова. Ёсць звесткі пра здольнасць гэтых злучэнняў рэгуляваць рост раслін, а таксама выступаць у якасці ахоўнага агента.

Кумарыны валодаюць шырокім спектрам фармакалагічных уласцівасцей, але ў медыцынскай практыцы яны пакуль што не атрымалі шырокага распаўсюджання. Часткова гэта тлумачыцца складанасцю стварэння аптымальных лекавых формаў у сувязі з дрэннай растваральнасцю кумарынаў у вадзе. Асноўныя фармакалагічныя ўласцівасці кумарынаў — спазмалітычныя, фотасенсібілізацыйныя і супрацьпухлінныя.

Акрамя гэтага, кумарынавыя злучэнні ўздзейнічаюць на цэнтральную нервовую сістэму, тканкавы абмен (Р-вітамінная і антыкаагуліруючая актыўнасць), а таксама на работу сэрца.
Сярод кумарынзмяшчальных раслін назавём баркун лекавы, канюшыну лугавую, каштан конскі, гладун і інш.